FAQ [Belarusian Translation]
Што такое вэб – стандарты i для чаго яны патрэбны?
1 Уводзіны
2 Што такое вэб-стандарты?
2.1 Стандарты W3C
2.1.1 Што такое кансорцыум W3C
2.1.2 Чым ён займаецца?
2.1.3 Што такое стандарты W3C?
2.1.3.1 HTML 4.0
2.1.3.2 XML 1.0
2.1.3.3 XHTML 1.0, 1.1, Мадулярызацыя XHTML
2.1.3.4 CSS – Каскадныя табліцы стыляў
2.1.3.5 DOM
2.2 Стандарты ECMA
2.2.1 Што такое асацыяцыя ECMA?
2.2.2 Чым яна займаецца?
2.2.3 Што такое стандарты ECMA?
2.2.3.1 ECMAScript
3 У чым перавагі выкарыстання вэб-стандартаў?
3.1 Даступнасць
3.1.1 Перавагі для праграмнага забеспячэння і кампутараў
3.1.2 Перавагі для людзей
3.2 Стабільнасць
4 Высновы
1. Уводзіны
Ствараючы Сусветную Павуціну (World Wide Web), Цім Бернэрс-Лі марыў ператварыць яе ў агульную прастору, дзе карыстальнікі могуць абменьвацца інфармацыяй, разам гуляць у гульні і мець зносіны (Сусветная Павуціна (World Wide Web), вельмі кароткая гісторыя). Мы, распрацоўнікі вэб-сайтаў, увасабляем гэтую мару ў жыццё, ствараючы дзелавыя, адукацыйныя сайты і старонкі для зносін.
Але сёння, калі Сусветная Павуціна разраслася да небывалых памераў, яна мае патрэбу ў кіраванні, якое дазволіла бы ў поўнай меры рэалізаваць яе патэнцыял. Такое кіраванне забяспечваюць вэб-стандарты, якія гарантуюць кожнаму доступ да інфармацыі, паскараюць і палягчаюць развіццё Інтэрнэту.
Распрацоўка вэб-старонак у адпаведнасці са стандартамі палягчае карыстанне Інтэрнэтам для людзей з асаблівымі патрэбамі. Напрыклад, сляпыя могуць скарыстацца кампутарным агучваннем старонак, а людзі з саслабелым зрокам могуць змяняць месцазнаходжанне старонак і памер шрыфта для зручнейшага чытання. Да таго ж, карыстальнікі партатыўных прыстасаванняў атрымоўваюць магчымасць падарожнічаць па Інтэрнэце з такой жа лёгкасцю, як і карыстальнікі высокатэхналагічных працоўных станцый.
Існуе цэлы шэраг практычных меркаванняў якія пабуджаюць распрацоўнікаў надаваць асаблівую ўвагу вэб-стандартам, і ніжэй мы распавядзем аб іх падрабязней. Напрыклад, пошукавыя машыны якасней індэксуюць сайты, якія адпавядаюць стандартам. Выкарыстанне кода, распрацаванага спецыяльна для таго альбо іншага браўзэра, у два, а то і ў тры разы павялічвае аб’ём працы пры стварэнні вэб-старонак, а ва ўмовах з’яўлення новых сродкаў медыя вынікі такой працы пакідаюць жадаць лепшага. Калі распрацоўнікі не будуць строга прытрымлівацца вэб-стандартаў, сітуацыя толькі пагоршыцца.
Некаторыя асцерагаюцца, што стандарты абмяжоўваюць палёт думкі, але, насамрэч, яны амаль цалкам здымаюць неабходнасць выконваць аднастайную і ўтомную працу, дазваляючы распрацоўнікам вэб-сайтаў праяўляць гібкасць і больш часу прысвячаць творчаму афармленню. Вэб-стандарты абапіраюцца на вопыт гістарычнага развіцця інфармацыйных тэхналогій і, у той жа час, адчынены для будучых удасканаленняў.
Без шырокай адпаведнасці стандартам шматлікія спосабы выкарыстання Інтэрнэту, у тым ліку такія, аб якіх сёння можна толькі марыць, былі бы проста неажыццявімыя. На сённяшні дзень усе сістэмы і разнавіднасці праграмнага забеспячэння маюць агульныя характарыстыкі – яны амаль што універсальныя, але хто ведае, што прынясе заўтрашні дзень? Устаць пад кантроль нейкай адной кампаніі азначае абмежаваць сваю будучыню, паставіўшы яе ў залежнасць ад поспехаў і няўдач, якіх здолее дасягнуць – або з якімі сутыкнецца гэтая кампанія. Толькі падтрымка універсальных стандартаў дазволіць Сусветнай Павуціне выжыць і будзе спрыяць таму, каб яе развіццё працягвалася сучаснымі тэмпамі.
Стандарты адчыняюць настолькі шырокія магчымасці, што мы, супрацоўнікі Праекту па падтрыманні вэб-стандартаў The Web Standards Project (WaSP) лічым неабходным падрабязней распавесці пра іх шырокай грамадскасці. Гэты дакумент – толькі пачатак. Прачытаўшы яго, карыстальнікі зразумеюць, чаму існуюць вэб-стандарты, як яны дзейнічаюць і для чаго яны патрэбныя. Мы пастаянна ствараем нейкія новыя элементы ў Сусветнай Павуціне, тым самым мы ўносім свой уклад у інфармацыйную прастору Інтэрнэту. Гэтыя элементы могуць паслужыць тварэнню – а могуць стаць непатрэбным баластам, які, урэшце, затопіць магутны карабель Інтэрнэту. Выбар залежыць толькі ад нас, але наступствы гэтага выбару крануць кожнага.
2 Што такое вэб-стандарты?
2.1 Стандарты W3C
2.1.1 Што такое W3C?
World Wide Web Consortium (W3C) – гэта міжнародны галіновы кансорцыум, галоўная задача якога – “спрыяць поўнай рэалізацыі Сусветнай Павуціны“. Узначальвае W3C вынаходца Інтэрнэту Цім Бернэрс-Лі. Кансорцыум быў заснаваны ў 1994 годзе, і сёння яго членамі з’яўляюцца больш 450 арганізацый, у тым ліку, Microsoft, America Online (галаўная кампанія Netscape Communications), Apple Computer, Adobe, Macromedia, Sun Microsystems, і шматлікія іншыя вытворцы абсталявання і праграмнага забеспячэння, пастаўшчыкі кантэнту, акадэмічныя інстытуты і тэлекамунікацыйныя кампаніі. Падраздзяленні Кансорцыума размешчаны ў трох даследчых інстытутах – Масачусецкім тэхналагічным інстытуце (MIT) у ЗША, Нацыянальным інстытуце даследаванняў у галіне кампутарнай апрацоўкі дадзеных і аўтаматыкі (INRIA) у Еўропе и Універсітэце Кейо (Keio University) у Японіі.
2.1.2 Чым ён займаецца?
Кансорцыум W3C распрацоўвае адчыненыя функцыянальныя патрабаванні (фактычныя стандарты), якія павышаюць функцыянальную сумяшчальнасць прадуктаў, звязаных з Інтэрнэтам. Выпрацоўкай Рэкамендацый W3C займаюцца працоўныя групы, якія складаюцца з членаў Кансорцыума і запрошаных экспертаў. Працоўныя групы дамагаюцца агульнага ўзгаднення пазіцый паміж усімі кампаніямі і іншымі арганізацыямі, залучанымі ў стварэнне дастасоўных праграм для Інтэрнэту, і распрацоўваюць праекты і рэкамендацыі, якія затым падаюць членам і дырэктару W3C для фармальнай ухвалы і надання ім статусу Рэкамендацый W3C. Больш падрабязную інфармацыю аб гэтай працэдуры і аб этапах разгляду рэкамендацый можна атрымаць на сайце W3C.
2.1.3 Што такое стандарты W3C?
2.1.3.1 HTML 4.0 (HyperText Markup Language) – мова разметкі гіпертэксту
Мова разметкі гіпертэксту (HTML) шырока выкарыстоўваецца ў Інтэрнэце для надання структуры тэкставым дакументам. Браўзэры інтэрпрэтуюць гэтыя дакументы, прадстаўляючы карыстальніку іх структуру ў фармаце, спецыфічным для дадзеных сродкаў медыя. Напрыклад, візуальныя браўзэры звычайна адлюстроўваюць элемент, выдзелены тэгамі (<strong>
… </strong>
), як тэкст у тоўстым напісанні, а дастасоўныя праграмы для ператварэння тэкста ў маўленне робяць на такім элеменце націск пры чытанні.
З дапамогай каскадных табліц стыляў (Cascading Style Sheets, CSS) аўтар можа абыйсці прадвызначэнні браўзэраў, вызначыўшы, як павінны быць прадстаўлены структурныя элементы.
2.1.3.2 XML 1.0 (Extensible Markup Language) – пашыраемая мова разметкі
Прыклад часткі XML дакумента
<addressbook> <entry> <name>Bill Gates</name> <email>[email protected]</email> </entry> <entry> <name>Marc Andreesen</name> <email>[email protected]</email> </entry> <entry> <name>Jon S. von Tetzchner</name> <email>[email protected]</email> </entry> </addressbook>
Пашыраемая мова разметкі (XML), як і HTML, з’яўляецца мовай разметкі, але замест аднаго строга фіксаванага набору элементаў дазваляе ствараць уласны або выкарыстаць набор, створаны кімсьці іншым. Дзякуючы прасторам імёнаў (XML namespaces) існуе нават магчымасць выкарыстання некалькіх набораў элементаў у адным дакуменце.
Некаторыя разнавіднасці XML, напрыклад, XHTML і MathML, ужо ўвайшлі ў Рэкамендацыі W3C. Іншыя пакуль што уключаны толькі ў Працоўныя праекты W3C.
Стандарты табліц стыляў, у прыватнасці, CSS і XSL, адчыняюць шырокія магчымасці для вызначэння таго, якім чынам будуць адлюстроўвацца элементы XML. Далёка не ўсе браўзэры падтрымліваюць непасрэднае адлюстраванне XML у адпаведнасці са стандартамі, таму для людзей аптымальна паданне інфармацыі з дапамогай HTML (або XHTML) з выкарыстаннем стыляў CSS. Мова XML сёння выкарыстоўваецца пераважна для міжкампутарных камунікацый.
Мова XML значна гібчэй HTML, пераважна з-за таго, што дазваляе выкарыстоўваць уласныя элементы і ствараць уласныя структурныя сістэмы. Дзякуючы гэтай магчымасці XML з’яўляецца ідэальным фарматам для арганізацыі вялікіх аб’ёмаў дадзеных. Ужо сёння гэтай мовай карыстаюцца шматлікія базы дадзеных і пошукавыя машыны.
2.1.3.3 XHTML 1.0, 1.1 і мадулярызацыя
Мова XHTML 1.0 – гэта перафармуляваная мова HTML, якая выступае ў якасці разнавіднасці XML. Можна сказаць, што мова XHTML 1.0 створана на аснове HTML 4.01, але дзякуючы ўплыву XML, яна стражэйшая ў тэхнічным плане.
У браўзэрах XHTML адлюстроўваецца такім жа чынам, як і эквівалентны код HTML. Мову XHTML выкарыстоўваюць тады, калі можа спатрэбіцца перапрацоўка зместу кода, напрыклад, для адпраўкі на КПК. Стражэйшыя сінтаксічныя правілы XML робяць аўтаматычную апрацоўку XHTML значна лягчэй і танней у параўнанні са звычайным HTML-кодам.
У аснову XHTML 1.0 ляглі наступныя агульныя канцэпцыі HTML 4.01:
- Параметры прадстаўлення і фарматавання дакумента павіны быць аддзеленыя адзін ад аднаго з дапамогай табліц стыляў
- Дакументы павінны быць даступнымі
- Дакументы павінны быць прыстасаваныя да выкарыстання на міжнародным узроўні
Акрамя таго, у XHTML 1.0 выкарыстоўваецца мадэль трох шаблонаў DTD: Strict, Transitional і Frameset. Гэтая мадэль упершыню з’явілася ў HTML 4.0, а адтуль перайшла ў HTML 4.01.
Сярод важных тэхнічных падыходаў, якія прыйшлі у XHTML з XML, можна згадаць наступныя:
- Усе тыпы дакументаў вызначаюцца з дапамогай правільнай дэкларацыі DOCTYPE
- Структура дакумента, адпаведнага стандартам, змяшчае дэкларацыю DOCTYPE, элемент html з заяўленай прасторай імёнаў XHTML, элемент head, у які ўваходзіць элемент title, і элемент body
- Усе элементы і імёны атрыбутаў пішуцца малымі літарамі, а ўсе значэнні атрыбутаў заключаюцца ў двухкоссе
- Усе непустыя элементы (напрыклад, p, li) маюць адпаведны зачыняльны тэг
- Усе пустыя элементы (напрыклад, br, hr, img) зачыняюцца касой рысай (<br />)
- Дакументы адпавядаюць заяўленаму шаблону DTD
Падрабязней даведацца аб шаблонах можна ў раздзеле Навучанне > Шаблоны
XHTML 1.1 складаецца з трох важных элементаў:
- Шаблон XHTML 1.0 Strict DTD (з нязначнымі зменамі)
- Мадулярызацыя XHTML
- Рэкамендацыя па выкарыстанні кегеля агат у XHTML (The Ruby Annotation)
Ствараць дакументы на мове XHTML 1.1 можна некалькімі спосабамі. Па-першае, з дапамогай публічнага шаблону XHTML 1.1 DTD. У гэтым выпадку дакумент будзе вельмі строга структураваны, паколькі ў XHTML 1.1 практычна адсутнічаюць прэзентацыйныя атрыбуты. Тут структурная і прэзентацыйная часткі дакументаў цалкам аддзеленыя адна ад адной, і ўсе параметры прэзентацыі прыкладваюцца ў выглядзе табліцы стыляў.
Ствараць дакументы на мове XHTML 1.1 можна некалькімі спосабамі. Па-першае, з дапамогай публічнага шаблону XHTML 1.1 DTD. У гэтым выпадку дакумент будзе вельмі строга структураваны, паколькі ў XHTML 1.1 практычна адсутнічаюць прэзентацыйныя атрыбуты. Тут структурная і прэзентацыйная часткі дакументаў цалкам аддзеленыя адна ад адной, і ўсе параметры прэзентацыі прыкладваюцца ў выглядзе табліцы стыляў.
Рэкамендацыя па выкарыстанні кегеля агат накіравана на вырашэнне праблем, звязаных з некаторымі дадатковымі значкамі азіяцкіх літарных сімвалаў. Тэгі ruby выкарыстоўваюцца для міжнародных дакументаў.
2.1.3.4 CSS (Cascading Style Sheets) – каскадныя табліцы стыляў
Каскадныя табліцы стыляў (CSS) – гэта механізм, які дазваляе змяняць знешні выгляд элементаў HTML ці XML, які прыпісвае стылі тыпам элементаў, самавызначальным класам элементаў або асобным экзэмплярам класа.
Табліцы стыляў могуць ужывацца для вызначэння суладнага знешняга выгляду ўсяго сайта. Пасля з’яўлення CSS Кансорцыум W3C парэкамендаваў спыніць выкарыстанне элементаў афармлення HTML, якія залежаць ад пэўнага макета, і перайсці на табліцы стыляў, што дазволіць стварыць больш прастую і структураваную прастору Інтэрнэту.
2.1.3.5 DOM 1 (Document Object Model) – аб’ектная мадэль дакументаў першага разраду
Мадэль DOM дазваляе пры стварэнні вэб-старонак выкарыстаць усе магчымасці і інтэрактыўныя асаблівасці мовы сцэнарыяў (напрыклад, ECMAScript, стандартызаванай версіі JavaScript). З пункта погляду праграмавання аб’ектная мадэль дакументаў першага разраду (DOM Level 1) – гэта інтэрфейс прыкладнога праграмавання (Application Programming Interface, API) для ўзаемадзеяння з вэб-старонкамі. Мадэль DOM палягчае мове сцэнарыяў доступ да структуры, зместу і параметраў падання дакумента, напісанага на мовах HTML і CSS.
Мадэль DOM прадугледжвае будучыя тэхналагічныя ўдасканаленні: яна дазваляе любой мове сцэнарыяў узаемадзейнічаць з любымі мовамі, скарыстанымі ў дакуменце. Гэты стандарт не толькі спрашчае праграмаванне дынамічнага HTML, але і палягчае адаптацыю да будучых Інтэрнэт-тэхналогій.
2.2 Стандарты ECMA
2.2.1 Што такое асацыяцыя ECMA?
Еўрапейская Асацыяцыя Вытворцаў Кампутараў (European Computer Manufacturers Association, ECMA) была заснаваная ў 1961 годзе ў сувязі з неабходнасцю стандартызацыі кампутарных аперацыйных фарматаў, у тым ліку, моў праграмавання і кодаў уводу/вываду.
Офіс асацыяцыі ECMA размешчаны ў Жэневе (Швейцарыя), побач са штаб-кватэрамі Міжнароднай Арганізацыі па Стандартызацыі (International Organization for Standardization, ISO) і Міжнароднай Электратэхнічнай Камісіі (International Electrotechnical Commission, IEC). У 1994 годзе ECMA была пераназваная ў Еўрапейскую Асацыяцыю па Стандартызацыі Інфармацыйных і Вылічальных Сістэм (European Association for Standardizing Information and Communication Systems), што адлюстроўвае пашырэнне сферы дзейнасці арганізацыі.
2.2.2 Чым яна займаецца?
Галоўная задача ECMA заключана ў распрацоўцы стандартаў і тэхнічных справаздач у сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. Паколькі ECMA уяўляе сабой асацыяцыю кампаній і не з’яўляецца афіцыйнай установай па стандартызацыі, яна часта супрацоўнічае з афіцыйнымі дзяржаўнымі і міжнароднымі арганізацыямі.
Стандарты ECMA сталі асновай міжнародных і еўрапейскіх стандартаў. На сённяшні дзень апублікавана больш за 270 стандартаў і 70 тэхнічных справаздач ECMA.
85 з гэтых стандартаў былі ўхваленыя міжнароднай Арганізацыяй па Стандартызацыі (International Organization for Standardization, ISO) у якасці міжнародных. Акрамя таго, Еўрапейскі Інстытут Стандартаў Сувязі (European Telecommunications Standards Institute, ETSI) прыняў 25 стандартаў ECMA у якасці еўрапейскіх.
2.2.3 Што такое стандарты ECMA?
2.2.3.1 ECMAScript (стандартызаваная версія JavaScript)
ECMAScript – гэта стандартызаваная мова сцэнарыяў, заснаваная, у асноўным, на мовах JavaScript (Netscape) і JScript (Microsoft). Стандарт ECMAScript распрацаваны Тэхнічным Камітэтам 39 (Technical Committee 39, TC-39) асацыяцыі ECMA.
Аб’ектная мова ECMAScript выкарыстоўваецца пераважна для кіравання аб’ектамі вэб-старонак, вызначанымі мадэллю DOM. Гэтыя аб’екты (фактычна, элементы, з якіх складаюцца вэб-старонкі або самі вэб-старонкі цалкам) можна дадаваць, выдаляць, перамяшчаць або змяняць іх уласцівасці. Гэта дазваляе распрацоўнікам сайтаў выкарыстаць спецыяльныя эфекты: анімацыю тэксту, графічныя трансфармацыі і старонкі, якія змяняюцца ў залежнасці ад інфармацыі, што ўводзіцца карыстальнікам, без абнаўлення.
Бягучыя характарыстыкі ECMAScript апісаны ў Стандарце ECMA-262, “Характарыстыкі мовы ECMAScript”, 2-е выданне (ECMAScript Language Specification).
3 У чым перавагі выкарыстання вэб-стандартаў?
3.1 Даступнасць
3.1.1 Перавагі для праграмнага забеспячэння і кампутараў
Калі вэб-старонка распрацавана ў адпаведнасці са стандартамі, яе будзе лягчэй знайсці пры пошуку па Інтэрнэце. Структурная інфармацыя, якая змяшчаецца ў дакументах, адпаведных стандартам, палягчае доступ і ацэнку інфармацыі, прадстаўленай у гэтых дакументах, для пошукавых машын і забяспечвае больш дакладнае індэксаванне.
Выкарыстанне вэб-стандартаў палягчае распазнанне структуры дакумента для сервернага і кліенцкага праграмнага забеспячэння, што спрашчае ўжыванне на сайтах пошукавых машын і забяспечвае больш дакладныя вынікі пошуку.
Стандарты распрацоўваюцца для таго, каб нават старыя версіі браўзэраў распазнавалі асноўную структуру дакументаў. У гэтым выпадку браўзэр здолее адлюстраваць асноўны змест сайта, няхай і бяз самых сучасных і незвычайных дадаткаў. Тое ж самае датычыцца і робатаў – сістэм, якія збіраюць інфармацыю, прадстаўленую на сайце, для пошукавых машын і іншых індэксатараў.
Калі код старонкі адпавядае стандартам, ёсць магчымасць пацвердзіць правільнасць старонкі з выкарыстаннем аднаго з сэрвісаў атэстацыі. Кантрольнае прыстасаванне апрацоўвае дакумент і выводзіць спіс памылак, што палягчае іх пошук і выпраўленне і дазваляе сэканоміць час.
Дакументы, распрацаваныя ў адпаведнасці са стандартамі, прасцей канвертаваць у іншыя фарматы, напрыклад, у файлы базы дадзеных або дакументы Word. Гэта дазваляе выкарыстаць дакументы, прадстаўленыя ў Сусветнай Павуціне, у самых розных мэтах і формах і спрашчае адаптацыю дадзеных да новых сістэм абсталявання або праграмнага забеспячэння, у тым ліку, да тэлевізараў і КПК.
3.1.2 Перавагі для людзей
Даступнасць – адно з найважнейшых меркаванняў, якія ляглі у аснову шматлікіх вэб-стандартаў, асабліва для HTML.
Пад даступнасцю разумеецца забеспячэнне доступу да Інтэрнэту не толькі людзям з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі, але і карыстальнікам нестандартных браўзэраў, у тым ліку, галасавых, якія чытаюць старонкі ўслых людзям з саслабелым зрокам, браўзэраў Брайля, якія перакладаюць тэкст на мову Брайля, браўзэраў партатыўных прылад з маленькімі маніторамі, дысплеяў з тэлетэкстам і іншых незвычайных прылад вываду.
Са з’яўленнем усё новых і новых спосабаў доступу да Інтэрнэту, задача адаптацыі або стварэння копій вэб-сайтаў у адпаведнасці з усімі магчымымі патрабаваннямі становіцца ўсё больш складанай (насамрэч, некаторыя сцвярджаюць, што нават сёння гэта немагчыма). Стварэнне вэб-старонак у адпаведнасці са стандартамі – важны крок, накіраваны на вырашэнне гэтай праблемы. Стандартызацыя сайтаў дазваляе гарантаваць, што правільна адлюстроўваць сайты будуць не толькі традыцыйныя браўзэры, як старыя, так і новыя, але і нестандартныя браўзэры і сродкі медыя.
Некаторыя наступствы зневажэння стандартаў відавочныя: па-першае, гэта абмяжоўвае доступ да сайта. Ці мае сэнс абмяжоўваць кола наведвальнікаў толькі тымі, хто пажадае знайсці спосаб праглядаць падобны сайт? У бізнэсе пазбаўленне доступу да сайта нават невялікай колькасці наведвальнікаў можа прывесці да сур’ёзнага скарачэння прыбытку. Калі гаворка ідзе аб адукацыйным сайце, мае сэнс забяспечыць доступ да яго не толькі здаровым школьнікам – карыстачам графічных браўзэраў, але і дзецям з тых краін, дзе інфраструктура развіта дрэнна, а самы распаўсюджаны выгляд браўзэраў – тэкставыя, роўна як і студэнтам з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі, якія карыстаюцца спецыялізаванымі браўзэрамі.
Гэты ж прынцып можна прыстасаваць да ўсіх тыпаў сайтаў: хоць зневажэнне стандартаў і спецыфічных магчымасцяў, якія прадстаўляюцца тым або іншым браўзэрам, даволі прывабнае, у доўгатэрміновай перспектыве значна больш карысці прынясе шырокая даступнасць сайта.
3.2 Стабільнасць
Амаль усе стандарты распрацоўваюцца з разлікам як на папярэднія версіі браўзэраў, так і на тыя, якія могуць з’явіцца ў будучыні, каб дакументы, створаныя ў адпаведнасці з састарэлымі стандартамі адлюстроўваліся ў больш сучасных браўзэрах, а старонкі, распрацаваныя з ужываннем новых стандартаў, “мякка спрашчаліся” для забеспячэння прыдатнага адлюстравання ў старых версіях браўзэраў.
Паколькі за час існавання сайта групы дызайнераў, якія працуюць над ім, могуць змяняцца, важна, каб новыя спецыялісты маглі разумець код і з лёгкасцю яго рэдагаваць. Вэб-стандарты ўтвораць набор правілаў, даступных для вывучэння, разумення і ўжывання любому распрацоўніку вэб-старонак. Калі адзін распрацоўнік стварае сайт у адпаведнасці са стандартамі, іншы з лёгкасцю зможа працягнуць яго працу.
4. Высновы
Нам, як вэб-распрацоўнікам, пастаянна прыходзіцца сутыкацца з тым, што розныя браўзэры і нават версіі аднаго і таго ж браўзэра адлюстроўваюць старонкі па-рознаму. Гэта прыводзіць да неабходнасці стварэння двух або некалькіх кодаў для розных браўзэраў, што адымае шмат часу, або прымушае распрацоўнікаў ствараць сайты ў адпаведнасці з патрабаваннямі аднаго пэўнага браўзэра, што ўскладняе або робіць наогул немагчымым доступ да сайта для некаторых карыстальнікаў. З’яўленне новага абсталявання і праграмнага забеспячэння, падобнага тэлефонам, пэйджэрам і КПК, толькі пагоршыць сітуацыю.
Вэб-стандарты – не цьмянае заканадаўства, распрацаванае далёкімі ад праблем рэальнага жыцця арганізацыямі. Як мы ўжо казалі, стандарты распрацоўваюць пераважна тыя, хто імі карыстаецца: стваральнікі браўзэраў, вэб-распрацоўнікі, кампаніі, якія прадстаўляюць змястоўнае напаўненне, і іншыя арганізацыі.
Стварэнне вэб-старонак у адпаведнасці са стандартамі скарачае час, патрэбны для распрацоўкі, і палягчае далейшае абслугоўванне сайтаў. Рашэнне праблем і выпраўленне памылак становіцца значна прасцей, паколькі ў аснове сайта ляжыць стандартны код. Тым, хто распрацоўвае старонкі ў адпаведнасці са стандартамі, не прыходзіцца марнаваць час на напісанне і абслугоўванне некалькіх версій кода, накіраваных на забеспячэнне прыдатнага адлюстравання сайта: дастаткова распрацаваць толькі адну версію.
Першараднае значэнне набывае забеспячэнне ўсеагульнай адпаведнасці вэб-стандартам. Мэта Праекту па падтрыманні вэб-стандартаў – зрабіць Інтэрнэт лепшым і для распрацоўнікаў, і для канчатковых карыстальнікаў, заахвочваючы стваральнікаў і рэдактараў браўзэраў і вэб-старонак прытрымлівацца стандартаў. Распрацоўнікі вэб-сайтаў могуць значна палегчыць нашу задачу, узяўшы сабе за правіла прытрымлівацца стандартаў пры стварэнні вэб-старонак і дамагацца таго, каб генератары і рэндэрэры кода таксама адпавядалі стандартам.
Пералічаныя тут прычыны тлумачаць, чаму адпаведнасць вэб-стандартам мае такое вялікае значэнне. Яны павінны заахвоціць распрацоўнікаў пачаць ужываць гэтыя стандарты на практыцы і могуць служыць аргументам для пераканання кіраўніцтва і супрацоўнікаў у тым, што выкарыстанне вэб-стандартаў сапраўды неабходна.
Дапамажыце нам увасобіць мару ў жыццё.
Web Standards Project Developer Education Committee: Stephan Nedregaard (coordinator), Kynn Bartlett, Gail T. Cohen, Jens Edlund, Nick Finck, Tomas Fjetland, Peter Fleck, Markus Gut, Holger Maier, Julian Missig, Laura Mollett, Randy Piatt, Lewis A. Shadoff, Juergen Steinwender, Bart Szyszka, Matthew Thomas, Dane Weber
Updated 02-27-2002 by Molly E. Holzschlag and Shirley E. Kaiser of WaSP LEARN Committee.
Translated by Evgeny Ponomarev
The Web Standards Project is a grassroots coalition fighting for standards which ensure simple, affordable access to web technologies for all.
Translations:
- FAQ [Belarusian Translation]
- FAQ [Dutch Translation]
- FAQ [Farsi Translation]
- FAQ [French Translation]
- FAQ [Italian Translation]
- FAQ [Japanese Translation]
- FAQ [Korean Translation]
- FAQ [Polish Translation]
- FAQ [Russian Translation]
- FAQ [Simplified Chinese Translation]
- FAQ [Spanish Translation]
- FAQ [Traditional Chinese Translation]